Мой родны край - Вілейшчына
Маршруты
Культавае дойлідства
Гістарычныя падзеі і знакамітыя людзі
Легенды і паданні
Рэкрэацыйная дзейнасць
Рыбалка
Паляванне
Збор ягад і грыбоў
Пошук скарбаў
Назіранні НЛА
Прапановы па развіццю турысцка-рэкрэацыйнай інфраструктуры
Гасцініцы і падобныя аб’екты
Дарогі, пад’езды, масты
Пункты харчавання
Вытворчасць сувеніраў і
іх продаж
Пункты пракату абсталявання
Аднаўленне сядзіб шляхты

2 маршрут
Вілейка – Куранец – Касута – Касцяневічы – Уладыкі – Стайкі – Цяпінцы – Ручыца

Вілейка – сталіца Літвы У 1918 годзе Вілейка з'яўлялася фактычнай сталіцай Літоўскай ССР. Сюды на непрацяглы час прыбылі і літоўскія таварышы. Не дачакаўшыся вызвалення Вільні, яны ўжо 16 снежня 1918 года абвясцілі ў Вілейцы аб утварэнні савецкай сацыялістычнай Рэспублікі Літва на чале з В.С. Міцкявічусам – Капсукасам.
5 студзеня 1919 года Вільня была вызвалена Чырвонай арміяй, і ўрад Літоўскай рэспублікі пераехаў туды.

Магіла ўдзельнікаў паўстаньня 1863-84 гг. і польскіх жаўнераў, палеглых ў 1919-20 гг.
Вядома таксама магіла 18 паўстанцаў у Куранцы, але акалічнасці гэтага пахавання трэба яшчэ высветліць. Справа ў тым, што бою каля Куранца даступныя даследчыкам крыніцы 1863 г. не фіксуюць. Тут патрэбны дадатковыя пошукі. Не выключана, што пахаваныя тут забітыя паўстанцы аднекуль (з-пад тых жа Любак або Уладык) прывезены. Гэта маглі быць, напрыклад, жыхары Куранца і яго ваколіц, што загінулі пад Уладыкамі.

Месца растрэлу вязьняў з Вілейскага вастрогу
Каля затопленай вёсцы Касута ў лесе стаяць два Крыжы, праваслаўны і каталіцкі. Тут, за млынам, 26 чэрвеня 1941 г. было разстраляна каля паўтары сотні вязьняў з Вілейскага вастрогу, якіх напачатку савецка-нямецкай вайны гналі на ўсход. Гэта - Касуцкія Курапаты. Такі вось сумны памятны знак астаўся ад Касуцкай вёскі.

Гетман Украіны з вілейскай Касуты
Недалёка ад Вілейкі, у маляўнічым месцы на беразе некалі звілістай рэчкі Касуткі, якая стала цяпер залівам Вілейскага вадасховішча, знаходзіцца вёска Касута. 11 кастрычніка (22-га па новым стылі) 1672 г. тут нарадзіўся відны ўкраінскі дзяржаўны дзеяч Піліп Орлік, чыя роля ў станаўленні незалежнасці нашай паўднёвай суседкі ў расійскіх і савецкіх падручніках замоўчвалася, але пераацаніць яе цяжка. Паходзіў Орлік са старадаўняга чэшскага баронскага роду. Палітычныя абставіны ў час паражэння на радзіме гусіцкай рэвалюцыі прымусілі аднаго з яго прадстаўнікоў выехаць з Чэшскага Каралеўства ў Польшчу. 3 іюльскай лініі, што перанеслася на Літву і Беларусь, са шляхецкага роду герба «Навіна» і паходзіць непасрэдна будучы гетман Украіны. Бацька яго — Сцяпан — ужо ў наступным 1673 г. загінуў пад крэпасцю Хоцін (цяпер горад на р. Днестр у Заходняй Украіне), прымаючы ўдзел у польска-турэцкай вайне, ва ўзросце 51 год, калі Піліп быў яшчэ немаўля. Усе турботы пра дзяцей леглі на плечы маці Ірэны (паводле іншых крыніц, Ганны) Малахоўскай з літоўска-беларускага шляхецкага роду герба «Грымала», якая ахрысціла сына, магчыма, ужо другі раз, бо бацька быў католікам, па праваслаўным абрадзе. Неўзабаве сям'я пераехала на Украіну ў Кіеў. Тут Піліп атрымаў добрую адукацыю ў Кіева-Магілянскім калегіуме (з 1701 г. акадэмія), які быў першай у Расіі, да адкрыцця ў 1755 г. Маскоўскага універсітэта, вышэйшай школай.
Як адзін з найлепшых выпускнікоў, Піліп спачатку працаваў пісарам у кансісторыі Кіеўскай мітраполіі, пасля ў Генеральнай вайсковай канцылярыі, дзе зрабіў бліскучую кар'еру. Высокая адукаванасць, здольнасць і працавітасць юнака прыцягнулі ўвагу гетмана Івана Мазепы, які шукаў добрых і сумленных супрацоўнікаў, каму можна было даверыцца.
Пасля шлюбу з Ганнай, дачкой палтаўскага палкоўніка Паўла Герцыка, атрымаў у пасаг значныя маёнткі, што паставіла яго яшчэ бліжэй да казацкай арыстакратыі Левабярэжжа. У 1702 г. Орлік быў прызначаны на пасаду генеральскага пісара, дзе змяніў даволі вядомага Васіля Качубея. Ён значна лепш, чым хто іншы з гетманскага акружэння, арыентаваўся ў дзяржаўных справах, выконваючы важнейшыя з іх. Карыстаючыся даверам Мазепы, пастаянна знаходзіўся каля яго. Быў з ім у кастрычніку 1708 г., калі шведскі кароль Карл XII, які вёў вайну з Расіяй, увайшоў з войскамі на Левабярэжную Украіну, і Мазепа перакінуўся на бок караля.
Пасля паражэння шведаў у Палтаўскай бітве 1709 г. яны разам са шведскай арміяй апынуліся на падкантрольнай туркам тэрыторыі ў Бендэрах, дзе неўзабаве памёр «мяцежны» гетман, які, як паказаў час, быў не здраднік і сябелюб, а чалавек, які пайшоў за голасам сумлення народа і ўсё аддаў за «светлы ідэал нацыянальнай незалежнасці». 16 чэрвеня 1710 г. запарожскія казакі «на выгнанні» ў процівагу Івану Скараподскаму, стаўленіку Пятра I, гетманам Украіны абвясцілі Піліпа Орліка, а праз месяц Карл XII прызнаў гэты выбар спецыяльным дыпломам.
У сакавіку 1711 г. П.Орлік з арганізаванай ім 16-тысячнай украінскай арміяй, якую падтрымлівала звыш 30 тыс. палякаў, запарожскіх казакоў і крымскіх татар, рушыў на Украіну. Атрымаўшы на сваім шляху шэраг перамог, гэта войска неўзабаве падышло да Белай Царквы і асадзіла яе.
Аднак у стане саюзнікаў пачаўся разлад, набліжалася расійская армія, гэта вымусіла Орліка зноў адступіць да Бендэр. 3 гэтага часу пачалося жыццё гетмана ў эміграцыі, якое расцягнулася на доўгія 30 гадоў.
Пётр I, імкнучыся вярнуць Орліка, прапанаваў яму з сям'ёй амністыю, аднак гетман-эмігрант не пайшоў на гэта. Была спроба сілай захапіць яго сям'ю, але гэтага цудам удалося пазбегнуць. Жонка і дзеці хаваліся ў розных манастырах, у адным з якіх памёр малодшы сын. Усяго ў сям'і Орлікаў было 8 дзяцей – 3 сыны і 5 дачок, хроснымі бацькамі якіх сталі выдатныя дзеячы тых краін, дзе яны нараджаліся. Сын Орліка Рыгор пасля паражэння Турцыі ў руска-турэцкай вайне (1735 -1739) выехаў у Францыю, дзе працягваў справу бацькі ў спробе нацыянальнага адраджэння сваёй бацькаўшчыны, атрымаў тытул графа і званне генерала на французскай службе. Далейшы жыццёвы лёс завёў П.Орліка ў Польшчу, Францыю, а затым у Турцыю. Апошнія 12 гадоў жыў у Салоніках (Грэцыя). Пасля пераехаў у Ясы (цяпер Румынія), дзе і памёр 24 мая 1742 г.

Ігнацій Ходзька
Бадай, адной з самых знакамітых фігур на Вілейшчыне з'яўляецца Ігнацій Ходзька — класік польскай літаратуры, творы якога яшчэ пры жыцці аўтара сталі хрэстаматыйнымі і заставаліся такімі ў польскай школе да 1939 г.
Нарадзіўся Ігнацій у радавым маёнтку свайго дзеда па маці Заблошчыне (цяпер на гэтым месцы знаходзіцца Касцяневіцкая сельская бальніца). Тут прайшло дзяцінства хлопчыка, уражанні ад якога ён пазней выказаў у апавяданні «Дамок майго дзядулькі». Днём яго нараджэння лічылася 29 верасня 1794 г., аб чым сведчылі даныя, прыведзеныя ў гістарычнай, навуковай і энцыклапедычнай літаратуры
Пасля першапачатковай дамашняй адукацыі Ігнація ў дзевяцігадовым узросце аддалі ў знакамітую сваімі выпускнікамі і выкладчыкамі базыльянскую школу для шляхецкіх дзяцей у Барунах – адзін з лепшых тагачасных асветніцкіх цэнтраў на Беларусі.
Паспяхова закончыўшы яе пасля шасці гадоў навучання, юнак паступіў у Віленскі універсітэт. У 1814 г., атрымаўшы пуцёўку ў самастойнае жыццё з вучонай ступенню кандыдата філасофіі, ён нечакана страчвае бацькоў і становіцца круглым сіратой. Апеку над ім бярэ яго родны дзядзька Ян Ходзька, больш вядомы як пісьменнік і грамадскі дзеяч, які выступаў пад псеўданімам Ян са Свіслачы, бацька вядомых вучоных і паэтаў Аляксандра, Іосіфа і Міхаіла Ходзькаў. Ян сам у 17-гадовым узросце таксама застаўся сіратой і вымушаны быў самастойна весці гаспадарку ў спадчынным маёнтку Крывічы, на што меў дазвол спецыяльнага пасяджэння польскага сейма. Магчыма, што і Ігнацій, каб быць поўнаўладным гаспадаром Дзевятнёў, па парадзе ўмудронага дзядзькі дабавіў сабе год для дасягнення патрэбнага ўзросту. У 1825 г. паехаў у Варшаву. Ужо тады пачаў пісаць першыя літаратурныя творы, адначасова працаваў у Радзівілаўскай канцылярыі. Пасля ўтварэння літаратурна-грамадскага таварыства шубраўцаў у Вільні Ходзька прыняў у ім актыўны ўдзел. Усе члены таварыства насілі імёны багоў з літоўскай міфалогіі. Ігнацій выступаў з артыкуламі пад імем Віршайтас. Але неадкладныя хатнія справы прымусілі пакінуць буйныя гарады, і ён стала пачаў жыць у Дзевятнях. Паступова І. Ходзька наладзіў сувязі са сваімі суседзямі, набыў новых сяброў, пачаў часта бываць у гасцях. Сам арганізоўваў паэтычныя вечары ў Дзевятнях. Найбольш прывязаліся да яго сапраўднай мужчынскай дружбай больш маладыя Антоні Адынец і Юльян Корсак, якія пазней сталі вядомымі людзьмі. У недалёкім ад Дзевятнёў маёнтку Рускае Сяло, які спачатку належаў Міхаілу Мацкевічу, старшыні гарадскога суда Завілейскага павета, затым яго сыну Крыштофу, адстаўному капітану, у сям'і якога падрасталі прыгажуні дочкі. Маладыя людзі сталі часта наведвацца туды. I хутка першыя мімалётныя сустрэчы перараслі ў больш глыбокія пачуцці. Першым са старэйшай Людвікай ажаніўся Ігнацій. Гэта адбылося 5 мая 1825 г. Сямейнае жыццё прынесла Ходзьку новыя абавязкі, гаспадарчыя праблемы, але ён знаходзіў час і для грамадскіх спраў. Выбіраўся дэпутатам у губернскія органы, старшынёй гарадскога суда і падкаморым Завілейскага павета. Пазней на працягу 18 гадоў як ганаровы куратар апякаў там жа школьныя ўстановы, старшынстваваў на многіх з'ездах і пасяджэннях. Усюды свае абавязкі выконваў з адказнасцю і стараннем. Сваю першую аповесць «Падданы», у якой выступіў у абарону прыгнечанага сялянства, Ходзька напісаў у 1829 г. для альманаха «Мелітэле», які выдаваў у Варшаве Антоні Адынец. У пісьме да яго А.Міцкевіч пахваліў пачынаючага пісьменніка, што натхніла Ігнація на далейшую літаратурную працу. Але найбольш поўна як пісьменнік раскрыўся ён у апавядальных серыях і цыклах «Літоўскія малюнкі», якія пачалі выдавацца з 1840 г. На працягу 20 гадоў выйшла пяць такіх серый, кожная з якіх складалася з некалькіх асобных кніжак. Уступам у галерэю «Літоўскіх малюнкаў» з'явіліся дзве аповесці «Дамок майго дзядулькі» і «Раніца перад вяселлем». Першая серыя выйшла ў двух тамах, куды ўвайшлі шэсць аповесцей. Сярод іх «Баруны», дзе пісьменнік тонка перадаў пануючую атмасферу ў адным з буйнейшых асветніцкіх цэнтраў на Беларусі. Другая серыя выйшла ў 1842 г. У яе ўвайшла трохтомная аповесць «Берагі Віліі», дзе паўстае шырокая панарама мясцовых краявідаў і паданняў, як, напрыклад, паданне пра камень «Лысіна Паца» ў Вілейцы, замалёўкі постацей у ваколіцах Дзевятнёў, Свірскага возера, Шэметаўшчыны. У 1844 г. выйшла трэцяя серыя, якая складалася з трохтомнай аповесці «Мемуары скарбніка», а праз пяць гадоў чацвёртая серыя «Літоўскіх малюнкаў». Яна была з чатырох невялікіх аповесцей. Літаральна праз год, у 1850 г., выйшла апошняя пятая серыя пад назвай «Двары на Антокалі». Пасля завяршэння «малюнкаў» аўтар перайшоў да выдання «Літоўскіх паданняў». Першая іх серыя выйшла у 1852 г. і складалася з дзвюх аповесцей: «Пракляты» і «Камень у Альгененах». Затым у 1854 г. была надрукавана другая серыя, якая ўключала ў сябе адну аповесць дзвюх частак. Трэцяя, апошняя, серыя складалася з двух тамоў і выйшла з друку з інтэрвалам у два гады, першы том у 1858 г. , другі ў 1860 г. пад агульнай назвай «Пустэльнік у Пранюнах». У 1857 г. выйшла невялічкая кніжка «Дзве размовы з мінулага», якая з'яўляецца часткай аўтабіяграфіі аўтара. Апошнім выданнем сачыненняў І.Ходзькі стаў зборнік яго гумарыстычных артыкулаў, напісаных ім яшчэ ў маладосці. У час наведвання ў 1858 г. Вільні Аляксандрам II некаторыя члены гэтай камісіі, сярод якіх быў і аўтар «Літоўскіх малюнкаў», выдалі вернападданіцкі альбом са шчырым усхваленнем імператара, за што атрымалі рэзкую крытыку не толькі нядобразычліўцаў, але і сваіх сяброў. Выйшла нават спецыяльная брашура «Адступнікі», у якой асуджаліся стваральнікі альбома. 1 жніўня 1861 г. ён раптоўна памёр у сваіх Дзевятнях.

Стайкі
На месцы вёски Стайкі у 18 стагодзі была пабудавана сядзіба, якая належыла Багдановічам герба “Багорыя”. Першым уладальнікам быў Севярын Багдановіч – Дварэцкі. У доме мелася многа фамільных каштоўнасцей:партрэты,абразы, мастацкія палотны, слуцкія паясы, сярэбраныя падсвечнікі, старадаўняе сталовае серабро, фаянсавы посуд і інш. У доме спыняўся у 1812 годзе Напалеон. На чырвоным століку імператар падпісаў загад аб прымяненні палявых судоў да грабежнікаў.

Уладыкі
На пачатку 1860-х гадоў на Беларусі ўзнік востры грамадскі крызіс. Бунтаваліся сяляне, не задаволеныя грабежніцкімі ўмовамі рэформы 1861 г. Неспакойна было таксама ў гарадах, дзе пад уплывам польскага вызваленчага руху адбываліся дэманстрацыі, спяванне патрыятычных гімнаў, канспіратыўныя сходкі Падрыхтоўкай паўстання на Беларусі і ў Літве кіраваў так званы Літоўскі правінцыяльны камітэт, які знаходзіўся ў Вільні. Старшынёй камітэта быў вайсковец, які служыў у Вільні, капітан Генеральнага штаба Людвік Звяждоўскі. 3 восені 1862 г. камітэт узначаліў выдатны рэвалюцыянер-дэмакрат, палымяны публіцыст Кастусь Каліноўскі. Па ўсім краі, у тым ліку на Вілейшчыне, распаўсюджвалася падпольная беларуская газета «Мужыцкая праўда». Псеўданім Каліноўскага Яська-гаспадар з-пад Вільні, якім падпісваліся палымяныя лісткі «Мужыцкай праўды», быў вядомы ўсюды..
Рэвалюцыянеры Беларусі і Літвы падрымлівалі цесныя сувязі з вызваленчым рухам у Польшчы, з рускімі землявольцамі. Перадавая Расія была на баку змагароў за свабоду Беларусі, Літвы, Польшчы.
Цікава, што славуты Яська-гаспадар звязваўся тут менавіта з Вілейкай. Непасрэдных звестак пра знаходжанне ў Вілейцы Каліноўскага няма, але там дзейнічалі яго блізкія паплечнікі. Надзвычай важную ролю ў падзеях 1863 г. адыгрывалі браты Ян і Вінцэнт Козелы, або Козелы-Паклеўскія, якія паходзілі з Вілейшчыны, з маёнтка Сэрвач. Гэты старадаўні шляхецкі род ганарыўся ўласным гербам «Козел» (на чырвоным полі тры белыя стралы і белы паўмесяц), заслугамі перад Бацькаўшчынай. Яшчэ далёкі продак-родапачынальнік па мянушцы Казёл ездзіў у 1415 г. у Польшчу паслом вялікага князя літоўскага. Нашчадкі старажытнага роду Ян і Вінцэнт Козел-Паклеўскія былі пагодкамі: першы нарадзіўся ў 1837 г., другі — у 1838 г. Іх бацька быў ліберальным памешчыкам, уладальнікам Сэрвачы і дамоў-камяніц у Вільні, ганаровым папячыцелем школ Мінскай губерні (гэты тытул вымагаў не столькі штодзённай руціннай працы, колькі перыядычнага дабрадзейнага спонсарства на карысць асветы). Да 1854 г. браты выхоўваліся дома (некаторыя гісторыкі мяркуюць, што Вінцэнт вучыўся ў Мінскай гімназіі), потым адправіліся ў Пецярбург, дзе паступілі ў школу гвардзейскіх падпрапаршчыкаў. Далей была вучоба ў інжынернай акадэміі, якую абодва закончылі з залатымі медалямі. Адразу пасля заканчэння акадэміі Ян падаў у адстаўку і паехаў за мяжу, папаўняў адукацыю ў галоўнай вайсковай школе ў Парыжы, удасканальваўся ў інжынернай справе. Ён яшчэ больш пераканаўся ў неабходнасці барацьбы з самадзяржаўем. Пасля вяртання на радзіму (1861) стаў адным з заснавальнікаў арганізацыі «чырвоных» у Мінску. Увосень 1862 г. Ян Козел як чалавек з шырокімі армейскімі сувязямі быў выкліканы кіраўнікамі падполля ў Вільню замест Л.Звяждоўскага, пераведзенага па службе ў Маскву. Козел стаў членам Літоўскага правінцыяльнага камітэта, бліжэйшым паплечнікам Каліноўскага па падрыхтоўцы паўстання на Беларусі і ў Літве.
Калі пачалося паўстанне ў Польшчы (студзень 1863 г.), Ян Козел па даручэнні Каліноўскага для аб'яднання дзеянняў канспіратараў пабываў у Пецярбургу і Маскве, аб'ехаў Беларусь (між іншым, сустракаўся са згаданым М.Цюндзявіцкім) і выехаў у Польшчу. 3 вясны 1863 г. ён працаваў у паўстанцкай арганізацыі ў Варшаве, быў рэферэнтам у ваенным аддзеле паўстанцкага ўрада і нават нейкі час камендантам горада. Усюды патрабаваліся яго здольнасці, веды, энергія. Увосень 1863 г. ён пад псеўданімам Скала (палкоўнік Скала) прызначаецца ваенным начальнікам Аўгустоўскага і Гродзенскага ваяводстваў, потым камандзірам 3-га корпуса паўстанцкіх узброеных сіл. Пасля задушэння паўстання, як і многія іншыя, апынуўся ў эміграцыі ў Францыі. Працаваў інжынерам у крэпасці Ла-Рашэль. Удзельнічаў у франка-прускай вайне (камандзір атрада вольных стралкоў, памочнік начальніка штаба арміі). Потым засумаваў па радзіме і ў 1872 г. дабравольна вярнуўся ў Расію, быў сасланы простым салдатам у Сярэднюю Азію. Але і тут не прапаў, спатрэбіліся яго вопыт, прафесійныя веды. Вёў інжынерныя работы ў Верным (цяпер Алматы), з цягам часу зрабіўся ўладальнікам прадпрыемства па апрацоўцы каменю ў Кульджы і парахода на рацэ Ілія (цікава, амаль такую ж назву мела рэчка яго дзяцінства на роднай Вілейшчыне). У Ашхабадзе кіраваў гідратэхнічнымі работамі на рацэ Мургаб. У 1883 г. вярнуўся на радзіму, памёр 7 мая 1896 г. у Бабруйску.
Інакш склаўся лёс Вінцэнта. Пасля заканчэння акадэміі ён служыў ваенным інжынерам ў Вільні і Свеаборгу (Фінляндыя), адначасова актыўна ўдзельнічаў у дзейнасці ваенна-рэвалюцыйнай арганізацыі. Вядома, што ў 1861 г. ён па даручэнні кіраўніка віленскіх «чырвоных» Л.Звяждоўскага ездзіў ажно ў Познань для наладжвання сувязей з тамашнімі патрыётамі. У 1863 г. Вінцэнт Козел, прызначаны ваенным кіраўніком роднага Вілейскага павета, энергічна ўзяўся за справу, шырока прапагандаваў сярод насельніцтва праграмныя дакументы паўстання. Паводле ўспамінаў удзельніка тых падзей на Міншчыне В.Кошчыца, паўстанцкая арганізацыя ў Вілейскім павеце дзякуючы Козелу стаяла на самым высокім узроўні, прынамсі праца тут была наладжана лепш, чым у большасці паветаў Мінскай губерні. Шмат дапамагаў у гэтым павятовы камісар паўстання настаўнік матэматыкі Маладзечанскай прагімназіі Зыгмунт Палітоўскі, «чалавек вялікай энергіі і моцы духу». Мяркуючы па ўсім, паўстанцы Вілейшчыны распачалі шырокую ўзброеную барацьбу разам з Мінскам 19 красавіка (хоць яшчэ 21 сакавіка быў бой каля Плябані на Маладзечаншчыне, якая тады ўваходзіла ў Вілейскі павет). Часам называюць ва ўспамінах, дакументах і іншыя даты пачатку агульнага выступлення — 15 красавіка, 20 красавіка (стары стыль). 21 красавіка ў дакументах зафіксавана з'яўленне паўстанцаў у мястэчку Альковічы (тады Барысаўскага павета, цяпер Вілейскі раён). Там у касцёле быў зачытаны маніфест аб пачатку паўстання, прычым цікава, што альковіцкі пробашч чытаць небяспечны дакумент адмовіўся, хоць часцей ксяндзы, асабліва маладыя, спрыялі паўстанцам (быў свой капелан і ў атрадзе Козела). Пасля прачытання маніфест быў перададзены аднаму з прысутных у касцёле сялян. Сярод удзельнікаў гэтай акцыі ў данясенні адзначаюцца два браты Козелы з маёнтка Сэрвач, узброеныя. Размова ішла, мабыць, пра Вінцэнта і яго зусім юнага брата Міхала (1847 года нараджэння), 6о Ян быў ужо ў Польшчы. Атрад хутка папаўняўся. Мясцовую групу Адынца — Кавалеўскага, якая далучылася да Козела. Групу паўстанцаў з 78 чалавек прывёў з Барысаўскага павета член ваенна-рэвалюцыйнай арганізацыі штабс-капітан М.Чыжык. Гісторыкі называюць яшчэ групу Сухоцкага з Вілейшчыны з 40 чалавек, якая таксама далучылася да Козела. Усяго атрад Козела налічваў 200 — 250 байцоў. 27 красавіка гісторыкі фіксуюць сутычку атрада з урадавымі войскамі (2 роты Крамянчугскага палка) паблізу Тараканаўкі або Харошай. Паводле афіцыйных звестак, паўстанцы страцілі 9 чалавек забітымі і 6 палоннымі. У той жа дзень, паводле данясення вілейскага павятовага спраўніка, паўстанцы ў колькасці 200 чалавек заявіліся на суконную фабрыку ў в. Крайчанка і, захапіўшы з сабой некалькі рабочых, адправіліся ў лес. У другім данясенні жандары дакладвалі аб знішчэнні «інсургентамі» дакументаў канцылярыі паліцэйскага прыстава ў Даўгінаве. У палонных паўстанцаў царскія следчыя дапытваліся, як выглядаў кіраўнік вілейскіх паўстанцаў. У архіўных дакументах захавалася такое апісанне выгляду Вінцэнта Козела: вялікага росту, твар смуглявы, вуграваты, чорныя валасы, без барады і вусоў. Падзеі хутка нарасталі. У данясенні прадстаўніка царскай адміністрацыі ад 7 мая выказвалася трывога за лёс самой Вілейкі:
Паводле некралога В.Козелу, апублікаванага ў свой час З.Калюмным, галоўны лагер паўстанцаў знаходзіўся ў Дзвіноскіх лясах. Урадавыя войскі спачатку беспаспяхова спрабавалі выбіць адтуль Козела. Потым туды накіравалі ажно восем рот добра вымуштраванага войска з усіх бакоў – з Мінска, Барысава, Свянцян і Вілейкі. На ваенным савеце атрада было вырашана змяніць дыслакацыю. Паўстанцы перабраліся ў густы лес, які цягнуўся ўздоўж грэблі, насыпанай нібыта яшчэ салдатамі Напалеона, паблізу в. Зацемень. Гэта было 16 мая. Не паспелі заняць новую пазіцыю, як на грэблі паказаліся ланцугі ўрадавых войскаў, а іх штаб на чале з палкоўнікам размясціўся ў Зацемені. Козелу заставалася дарога на Барысаў або Мінск. Вырашыў падзяліць атрад на дзве часткі. Адна частка павінна прыняць бой. Козел выклікаў добраахвотнікаў. Каля яго ўстала 80 чалавек. Другая частка пайшла на Барысаў. Козел на плытах пераплывае Ілію і агнём сустракае карнікаў ва Уладыках. Урадавыя войскі нясуць вялікія страты (у некралогу, які мы пераказваем, называюцца перабольшаныя звесткі: 50 забітых, 30 параненых), паступова радзеюць і шэрагі паплечнікаў Козела. Пасля ўпартага пяцігадзіннага бою, адрэзаны ад лесу Козел вырашыў вярнуцца туды, адкуль прыйшоў — за раку, і першы на кані ўскочыў у ваду. На сярэдзіне ракі, спыніўшы каня, падбадзёрвае сваіх байцоў. У гэты момант куля трапіла яму ў галаву, і ён упаў з сядла. Яго атрад па пояс у вадзе апынуўся пад градам куль. Загінулі ўсе, апрача 12 цяжкапараненых. Раніцай наступнага дня (17 мая) колькі мясцовых шанаваных жыхароў прыехалі на поле бою. Козела пахавалі разам з 68 таварышамі ў адной брацкай магіле. Так апісана ўладыцкая трагедыя ў надзвычай прыхільным для паўстанцаў некралогу Козелу. Дзеянні паўстанцаў і іх кіраўніка тут рамантызуюцца, усяляк прыўзнімаюцца. А вось як даносіў пра гэта ў Пецярбург мінскі губернскі жандарскі штаб-афіцэр палкоўнік Рэйхарт 21 мая 1863 г
Блізкія звесткі змяшчаюцца ў афіцыйным журнале ваенных дзеянняў па Мінскай губерні:
У прыведзеных афіцыйных дакументах перабольшваюцца сілы і страты паўстанцаў, але прызнаюцца немалыя страты ўрадавых войскаў — нават у цяжкім становішчы паўстанцы Козела мужна змагаліся. Нездарма ў паўстанцкай публіцыстыцы Вінцэнта Козела ставілі ў адзін шэраг з кіраўніком лідскіх паўстанцаў Людвікам Нарбутам, называлі «Літоўскім Леанідам» (па аналогіі са спартанскім царом, знакамітым героем, антычных Фермапіл). Пад Уладыкамі загінула толькі частка атрада. Другую частку М.Чыжык, які ўжо згадваўся, адвёў у Ігуменскі павет, дзе злучыўся з паўстанцамі С.Ляскоўскага. Брацкая магіла паўстанцаў, што загінулі 16 мая, знаходзіцца ў лесе за паўкіламетра на поўдзень ад в. Уладыкі. Але ёсць звесткі, што цела Вінцэнта Козела было пасля ўпотайкі выкапана і перапахавана ў родным Сэрвачы. Мабыць, там пахаваны і яго малодшы брат Міхал, які, магчыма, таксама загінуў пад Уладыкамі. У паўстанні ўдзельнічалі яшчэ браты Яна, Вінцэнта і Міхала Зянон і Юзаф, 1842 і 1845 гадоў нараджэння. Абодва сасланы ў салдаты. Юзаф у 1913 г. быў яшчэ жывы і дапамагаў звесткамі пра Козелаў-Паклеўскіх віленскім гісторыкам, якія рыхтавалі тады да выдання каштоўныя ўспаміны Я.Гейштара аб паўстанні 1863 г. У 1863 г. адбылася яшчэ адна значная бітва на другім канцы Вілейшчыны. Праз некалькі дзён пасля гібелі Козела сюды са свянцянскага павета прывёў свой атрад (2 сотні людзей) Густаў Чаховіч, былы афіцэр рускай арміі, які дзейнічаў пад псеўданімам Астоя (паводле назвы радавога шляхецкага герба) . Начальнікам штаба быў яго малодшы брат Лявон, таксама афіцэр, удзельнік пецярбургскай ваенна-рэвалюцыйнай арганізацыі. Паўстанцаў, што накіроўваліся ў любанскія лясы, 24 мая ў адкрытым полі каля в. Любкі непадалёку ад Іжы сустрэлі царскія войскі (паўтары роты Фінляндскага палка і 20 казакоў). Нягледзячы на стомленасць пасля маршу нязручную пазіцыю, байцы ўпарта трымаліся некалькі гадзін. Не раз даходзіла да рукапашнай. Дзве атакі адбілі касінеры сяляне і іншы просты люд, узброеныя косамі, адпаведным чынам прыстасаванымі) пад кіраўніцтвам Кастуся Касцялецкага, які загінуў у баі. Густаў Чаховіч з рэшткамі атрада вярнуўся ў Свянцянскі павет. Частку людзей, што адарваліся ад асноўных сіл, павёў на поўнач, у Дзісенскі павет, Лявон Чаховіч. Страты (паводлеўрадавых афіцыйных звестак): у паўстанцаў забітых 31 чалавек (магчыма, лічба перабольшаная), ва ўрадавых войсках забіта на полі бою 2, памерла ад ран 3. Мяркуючы па допісе П.Баслыка ў газеце «Літаратура і мастацтва» ад 29.7.1994 г., забітых паўстанцаў пахавалі каля в. Вуткі (Уткі). Магіла не захавалася, разбурана ў наш час. У допісе П.Баслыка паведамлялася: «...каля вёскі Вуткі колькасць пахаваных высветліць не ўдалося. Там цяпер зараўняная бульдозерам жвіровая капальня. Косці іхнія рассыпаны па дарозе Любань – Каралеўцы.

Цяпінцы
Ёсць у Вязынскім сельсавеце Вілейскага раёна вёска Цяпінцы. Тапаніміка падказвае, што назва гэта паходзіць ад прозвішча былога яе ўладальніка Цяпінскага. Сярод мясцовых жыхароў такое прозвішча не сустракаецца і не сустракалася раней. Тады ж хто ён, гэты невядомы ўладар? Звязаць паходжанне назвы вёскі з імем вядомага беларускага гуманіста, асветніка і публіцыста XVI ст. ніяк не падыходзіла. Да нядаўняга часу нічога не было вядома аб яго сувязях з Вілейшчынай. Біяграфія яго вывучана вельмі слаба, невядомы нават сапраўдныя гады яго нараджэння і смерці.
Аказваецца, побач з в. Латыгаль (тады Мінскі павет) знаходзіўся маёнтак жонкі Васіля Мікалаевіча – князёўны Софіі Данілаўны Жыжэмскай са збяднелага на той час княжацкага роду. Называўся ён Амяльянаўшчына. Адсюль і тлумачэнне другога прозвішча Цяпінскага — Амельяновіч. Вядомы асветнік не мог тут не бываць, тут жылі яго сыны, жонка. Тым больш у Мінскім павеце (па даных 1567 г.) Цяпінскі мсў і свой набыты маёнтак Латыгалічы. На карце Мінскага павета XV XVI ст. Латыгалічы адпавядалі месцу распалажэння сучаснага Латыгаля. Раней Латыгаль называўся Латыгалічы. Такім чынам, абодва вышэй згаданыя ўладанні мужа і жонкі размяшчаліся па-суседску. Магчыма, яны тут упершыню і пазнаёміліся. 3 цягам часу імем Цяпінскага сталі называць сумежнае з сядзібай пасяленне. Амяльянаўшчына прыйшла ў заняпад і паступова знікла як геаграфічная назва, а вёска Цяпінцы атрымала далейшае развіццё. Дакладна не вядома і месца заснавання гуманістам-асветнікам сваёй друкарні. Лічыцца, што яна знаходзілася ў яго радавым маёнтку Цяпіне (цяпер Чашніцкі раён). Але цалкам відавочна, што яна магла быць і ў Латыгалі. Абставіны дазвалялі гэта. У недалёкім адсюль Лоску (прыблізна каля 50 км, цяпер Валожынскі раён) жыў Сымон Будны, яшчэ адзін яркі прадстаўнік культурна-асветніцкай дзейнасці на Беларусі. Паміж імі наладзілася сяброўства. Яны не адзін раз бывалі адзін у аднаго ў гасцях, сустракаліся па агульных справах. Іх маёнткі ператварыліся ў сапраўдныя асяродкі нацыянальнай культуры і асветы. Цяпінскі, як і Будны, быў актыўным членам папулярнай у той час рэлігійнай секты сацыніян, якая не прызнавала артадаксальнай догмы аб траістасці Бога, лічылі Ісуса Хрыста звычайным чалавекам, прапаведнікам новага веравызнання.
Не выпадкова ў абодвух асветнікаў было многа праціўнікаў, асабліва сярод прадстаўнікоў польскай дзяржавы, якія праводзілі палітыку паланізацыі і акаталічвання беларускага народа. Будны ў сваіх творах неаднойчы падкрэсліваў блізкасць іх поглядаў. У 1574 г., прыгадваючы брацкі сацыніянскі збор, які адбыўся ў доме Цяпінскага, ён назваў апошняга «мілым братам».
Публіцыстычная прадмова Васіля Цяпінскага да Евангелля лічыцца адным з лепшых помнікаў беларускай літаратуры тых часоў. Яна напоўнена высокім грамадзянскім гучаннем, клопатамі сапраўднага патрыёта аб лёсе сваёй радзімы, яе мовы і культуры. Выданнем Евангелля на роднай мове ён імкнуўся не толькі спрыяць рэлігійнаму выхаванню, але ўзняць асвету і нацыянальную самасвядомасць беларускага народа.

Ручыца
Крыж ахвярам 1-е сусветнае вайны ля дарогі Вялейка–Смаргонь, паварот у бок Ручыцы. Надпіс: Упокои Господи души раб Твоих всех воинов на поле брани убиенных живот свои за веру царя и отечество положивших их же имена ты Сам веси Господи 1914–18 Агінскія на Вілейшчыне
Акрамя канфіскаванага за ўдзел у паўстанні Т.Касцюшкі маёнтка Ілья, у слыннага кампазітара і грамадскага дзеяча Міхала Клеафаса Агінскага быў на Вілейшчыне яшчэ адзін маёнтак — Ганута. 3 1723 г. яе ўладальнікам нараўне з Беніцай, Маладзечнам і Гарадзілавам быў Казімір Коцел, староста маркаўскі. Гэтыя маёнткі пазней перайшлі да яго дачкі Разаліі, жонкі Казіміра Ігнація Агінскага, старосты пшавальскага і бабінавіцкага. Яны памерлі ў 1769 г. без нашчадкаў, запісаўшы Гануту і Маладзечна яшчэ ў 1738 г. брату Казіміра Тадэвушу Францішку. 3 1744 г. Т.Агінскі становіцца сенатарам і кашталянам трокскім, шмат сродкаў і асабістага часу траціць на дабрачынныя справы. У 1755 г. Тадэвуш Агінскі запрасіў у Гануту знакамітага італьянскага архітэктара Абрахома Гену, які са сваімі памочнікамі Я.Кнакфусам і Т.Жаброўскім (вядомы астраном і архітэктар, прафесар Віленскага універсітэта) за 10 гадоў пабудавалі тут вельмі ўдалую па планіроўцы і архітэктуры сядзібна-паркавую рэзідэнцыю ў стылі позняга барока з выкарыстаннем формаў ракако. У мураваным палацы размяшчалася зала і прыгожы хол, аздоблены стылёва сфарміраванымі сходнямі і балконам, на якім у часы правядзення асамблей і баляў іграў аркестр. За домам знаходзіўся рэгулярны трыццацігектарны парк. Пабудовы акружалі штучны вадаём, лукавіна Гануткі і канал. Вясной і летам маёнтак аздаблялі экзатычныя кветкі і дрэвы. Дзве каплічкі, якія захаваліся і зараз, упрыгожвалі ўваходы на сядзібу і могілкі. У кожнай з іх былі ўстаноўлены драўляныя фігуркі Божай Маці. У 1770 г. пасля смерці трокскага ваяводы на яго месца кароль прызначыў Тадэвуша Агінскага. Ён ужо некаторы час жыў у Гануце, што стала яго апошняй рэзідэнцыяй. Адсюль да канца свайго жыцця вёў перапіску са Станіславам Аўгустам Панятоўскім. Кароль адказваў яму рэгулярна, выконваў просьбы ваяводы, даваў парады, суцяшаў у цяжкія хвіліны.
Агінскі вельмі непакоіўся выкананнем трактата аб падзеле Рэчы Паспалітай. I ў знак пратэсту супраць надыянальнай трагедыі не стаў прымаць удзел у некалькіх радах сената.
Памёр ваявода 25 лістапада 1783 г. у Гануце. Цела яго перавезлі ў Вільню і пахавалі ў склепе капліцы Божага цела, якую ён пабудаваў каля касцёла Святога Яна.
Пасля смерці Тадэвуша Агінскага Ганута і Маладзечна перайшлі да яго малодшага сына Францішка, літоўскага кухмістра, а з 1814 г. да пляменніка апошняга Міхала Клеафаса.
Яго жыццё, грамадская дзейнасць патрыёта і творчасць музыканта варты захаплення і пераймання. Нарадзіўся Міхал Клеафас Агінскі 25 верасня 1765 г. непадалёку ад Варшавы ў маёнтку сваіх бацькоў Гузава. Тут жа прайшлі яго дзіцячыя і юнацкія гады. Дамашнія універсітэты юнака зацягнуліся больш за дзесяцігоддзе. У якасці гувернёра бацькі запрасілі француза Жана Рале, які да паўналецця Міхала даў яму з дапамогай іншых настаўнікаў усебаковую адукацыю. Музыцы яго і сястру Юзэфу вучыў кампазітар Восіп Казлоўскі.
Міхал Агінскі рана ўключыўся ў грамадскае жыццё. Ужо ў 1786 г. быў абраны ад трокскай шляхты дэпутатам сейма, дзе паказаў сябе вельмі перспектыўным палітыкам, стаўшы прыхільнікам караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага.
17 мая 1789 г. уступіў у шлюб з Ізабэлай Лясоцкай, дачкой цеханавецкага ваяводы Антонія Лясоцкага. Праз год маладая пара выехала ў Гаагу, куды Агінскага прызначылі надзвычайным паслом і паўнамоцным міністрам Рэчы Паспалітай у Галандыі.
У 1791 г. Міхал Клеафас прыехаў на Беларусь, дзе ў першую чаргу пачаў наводзіць парадак у сваіх спадчынных маёнтках. Праз год у сувязі з перамогай Таргавіцкай канфедэрацыі многія яго ўладанні былі канфіскаваны, і ён вымушаны быў пайсці на здзелку са сваім сумленнем – прысягнуць канфедэрацыі. Прыехаўшы ў Пецярбург, сустрэўся там з вышэйшымі расійскімі саноўнікамі, у т.л. і з імператрыцай Кацярынай II. 7 мая 1793 г. афіцыйна прызначаны на пасаду вялікага літоўскага падскарбія. Летам таго ж года ў Гродне праходзіў сейм Рэчы Паспалітай, які павінен быў зацвердзіць другі яе падзел. Пасяджэнні сейма праходзілі пад націскам магутных суседзяў — Расіі і Прусіі. Агінскі вельмі балюча перажываў гэту падзею, усяляк стараючыся пазбегнуць удзелу ў яе гістарычным вырашэнні. Але ўсё ж ён быў вымушаны паставіць свой подпіс пад выніковым дакументам. Калі паўстанне 1794 г. перакінулася на Літву і Беларусь, Міхал Агінскі не задумваючыся адмовіўся ад царскай пасады падскарбія і стаў актыўным удзельнікам сапраўднай нацыянальна-вызвалеігчай рэвалюцыі. На вайсковыя мэты ён ахвяраваў асабістыя грошы і многія рэчы, сфарміраваўшы атрад лепшых стралкоў колькасцю 480 чалавек.
Пазней арганізаваў і ўзначаліў партызанскія дыверсійныя рэйды на Міншчыну і Дынабург. Для падняцця баявога духу жаўнераў у паходах ім быў напісаны «Марш паўстанцаў 1794 г.». Пасля разгрому паўстання на Беларусі і Літве, Агінскі з невялікім атрадам прарваўся ў Варшаву. Пасля апошняга бою за сталіцу Міхалу Клеафасу ўдалося ўцалець, эмігрыраваўшыся за граніцу спачатку ў Вену, дзе яго чакала жонка з дзецьмі, а затым у Венецыю. Сем гадоў ён блукаў па Еўропе. Толькі ў 1801 г. прыехаў у Расію. Жонка з дзецьмі засталіся ў Польшчы, паміж імі адбыўся разлад, і яны скасавалі шлюб. М.К.Агінскі быў прыняты імператарам Аляксандрам I. Яму вярнулі былыя маёнткі. Неўзабаве Міхал Клеафас ажаніўся ў другі раз з італьянкай Марыяй Нэры, і месцам пастаяннага жыхарства яны выбралі Залессе. Тым часам Аляксандр I даручыў Агінскаму ў 1807 г. і 1809 г. весці адказныя перамовы з Напалеонам, а затым прызначыў яго сенатарам і сваім тайным дарадцам.
Унікнуўшы ў палітычнае становішча, М.Агінскі выступіў з прапановай адраджэння ВКЛ. Па прапанове расійскага імператара распрацаваў праект аб'яднання 8 заходніх губерняў у Вялікае герцагства Літоўскае. У запісцы Аляксандру I ён абаснаваў неабходнасць увядзення ў новай дзяржаўнай структуры юрыдычныя нормы Статута ВКЛ 1588 г., ліквідацыі на працягу 10 гадоў прыгоннага права і іншыя дзяржаўна-прававыя новаўвядзенні на кшталт Фінляндыі. Гэты план так і захаваўся ў гісторыі пад назвай «Агінскага план 1811 г.». У Айчынную вайну 1812 г. ён, як большасць беларускіх дваран і шляхты, не падтрымаў Напалеона. Пазней, упэўніўшыся ў марнасці сваіх планаў, адышоў ад палітыкі і стала пасяліўся ў Залессі. Тут нарадзілася пяцёра дзяцей. Сябры і паклоннікі яго таленту не забывалі пра мужнага і паважанага нават далёка за межамі сваёй радзімы чалавека. Паступова сядзіба Агінскіх, асабліва пасля рэканструкцыі, стала асяродкам гасціннасці яе гаспадароў, месцам правядзення знакамітых літаратурна-музычных вечароў. Не выпадкова Залессе празвалі Паўночнымі Афінамі. Вольны час Агінскі любіў бавіць у Гануце, якая знаходзілася за 10 км ад Залесся ўверх па Віліі. Тут пастаянна дзейнічала карцінная галерэя, па святах з навакольных мясцін з'язджаліся знатныя госці, ладзіліся балі і канцэрты. Магчыма, менавіта ў Гануце незадоўга да свайго ад'езду з Беларусі Міхал Клеафас і напісаў шчырую, шчымлівую мелодыю знакамітага паланэза «Развітанне з Радзімай». Стары настаўнік музыкі Восіп Казлоўскі, ужо будучы сталым кампазітарам, дапамагаў свайму былому вучню слушнымі парадамі, клапаціўся аб папулярызацыі яго твораў, выдання іх асобнымі зборнікамі. 3 цягам часу папулярнасць Агінскага як кампазітара расла. Ен стварыў паланэзы, мазуркі, вальсы і іншыя музычныя творы. Выручаныя ад продажу выпушчаных у Вільні яго зборнікаў грошы пускаў на дабрачынныя мэты. Паступова стаў вяртацца да грамадскага жыцця краю, выбіраўся ганаровым членам, або прэзідэнтам некаторых віленскіх таварыстваў. Быў добра знаёмы са многімі выкладчыкамі і студэнтамі Віленскага універсітэта, ведаў пра іх тайны філарэцкі рух. Убачыўшы новае наступленне царскай рэакцыі, арышты некаторых кіраўнікоў польскага «Патрыятычнага таварыства», сярод якіх быў і даўні яго сябра пісьменнік Ян Ходзька, М.Агінскі ўлетку 1822 г. пад падставай паездкі на лячэнне назаўсёды пакінуў Радзіму. Жыў у Парыжы, затым каля дзесяці гадоў у Фларэнцыі. Там і памёр 15 кастрычніка 1833 г.


Карта маршрута

Крыж ахвярам 1-ай сусветнай вайны

Месца растрэлу вязьняў вялейскай турмы бальшавікамі ў чэрвені 1941

Магіла ўдзельнікаў паўстаньня 1863-84 гг.

Магіла ўдзельнікаў паўстаньня 1863-84 гг. і польскіх жаўнераў, палеглых ў 1919-20 гг.
Copyright © 2007 Paulp | mailto:paulpot@tut.by
Hosted by uCoz